Государственное учреждение образования "Детский сад №5 г. Борисова"
телефон: 80177780120
email: sad5@rooborisov.by
Минская область, Борисовский район, г. Борисов, ул. Павлова, 1a

Педагогам

   Паважаныя калегі!

    Прызначэнне гэтай рубрыкі - дапамагчы выхавальнікам дашкольнай адукацыі планаваць і ажыццяўляць работу па навучанню дзяцей роднай беларускай мове. Мы прапануем канспекты заняткаў, гульні, метадычныя матэрыялы, якія дапаможуць у рабоце па рэалізацыі задач адукацыйнай вобласці "Развіцё маўлення і культура маўленчых зносін" вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, і якія можна выкарыстоўваць на занятках і ў розных відах дзіцячай дзейнасці.

Прафесійна-маўленчая гатоўнасць педагога да навучання дзяцей блізкароднаснай беларускай мове

 

  Да мовы педагога дашкольнай установы сёння прад’яўляюцца высокія  патрабаванні, праблема культуры мовы выхавальніка разглядаецца ў кантэксце падвышэння якасці дашкольнай адукацыі.

   Мова педагога ўключае 4 групы кампетэнцыі:

1- лінгвістычную – веданне рускай і беларускай моў,

2- камунікатыўную – здольнасць мець зносіны на рускай і беларускай мовах у розных сітуацыях,

3- лінгвадыдактычную - здольнасць выкарыстоўваць на практыцы асноўныя палажэнні метадычнай навукі аб навучанні дзяцей роднай і другой мовам,

4- народазнаўчую – наяўнасць сумы ведаў аб гістарычным мінулым сваёй краіны і яе сучаснасці, побыце, культуры, традыцыях.

   Мова педагога павінна быць адной з асноўных крынiц развiцця мовы дашкольнiка, узорам для моўнага выказвання дзяцей.

   У вучэбнай  праграме дашкольнай адукацыі работа па фарміраванню беларускага маўлення з дашкольнікамі падзяляецца па ўзроставых групах і прадугледжвае:

-заняткi па развіццю беларускага маўлення;

- развіццё маўлення ў працэсе штодзённых узаемаадносінаў выхавальніка з дзецьмі ў розных відах дзейнасці;

- самастойную маўленчую дзейнасць дзяцей;

    Вучэбная праграма рэкамендуе пералік лепшых класічных мастацкіх і фальклорных твораў і дакладна акрэслівае задачы па азнаямленню з імі дзяцей розных узроставых груп (пачынаючы з 1-й малодшай):

-беларускімі народнымі песенькамі і пацешкамі;

-беларускімі народнымі казкамі;

-творамі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў;

-беларускімі народнымі гульнямі.

   Працэс навучання дашкольнікаў беларускай мове заключаецца ў паэтапным развіцці беларускага маўлення дзяцей, пачынаючы з паступовага ўвядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці ўжо ў малодшай групе.Перыяд ранняга дзяцінства традыцыйна лічыцца самым спрыяльным для авалодання мовай.

    Пры навучаннi дашкольнікаў малодшага ўзросту выхавальнiкi асаблiвую ўвагу павінны ўдзяляць  рэпрадуктыўнаму беларускаму маўленню: фарміраваць першапачатковыя навыкі разумення мовы, умення паўтараць за выхавальнікам і, па меры магчымасці, самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення (асобныя словы, кароткія рэплікі, завучваць і ўзнаўляць кароткія вершы, лічылкі, інш.

   У адпаведнасці з вучэбнай праграмай з дзецьмi сярэдняга i старэйшага ўзросту выхавальнікі адзін раз на тыдні праводзяць  заняткі па развіццю беларускага маўлення.

    Пры арганізацыі работы з выхаванцамі сярэдняга ўзросту ажыццяўляецца навучанне не прадуктыўнаму маўленню – уменню будаваць самастойныя па змесце і форме выказванні на беларускай мове: расказванне па карціне, пра цацку або прадмет, з асабістага вопыту, пераказ.

   У дзяцей сярэдняга і старэйшага дашкольніага ўзросту, акрамя рэпрадуктыўнага і прадуктыўнага маўлення фарміруецца пачатковае асэнсаванне некаторых асаблівасцей беларускай мовы.

   Навучанне на кожным этапе павінна ажыццяўляецца на фоне далейшага развіцця і ўдасканалення маўленчых навыкаў дзяцей, набытых на папярэдніх этапах.

   Мэтай заняткаў з дзецьмі гэтых груп з’яўляецца фарміраване слоўніка, граматычнага ладу маўлення, гукавой культуры і звязнага маўлення (дыялагічнага і маналагічнага) як сродка зносін, ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёю. На гэтых занятках выхавальнікі актыўна выкарыстоўваюць дыдактычныя  гульні, малыя формы фальклору, беларускія народныя казкі, апавяданні, вершы, загадкі, чыста- і скорагаворкі, вучаць слухаць і разумець мову выхавальніка, адказваць на пытанні па змесце вершаў, карцін і апісанні цацак. Выхавальнік садзейнічае стварэнню дзецьмі выказванняў, самастойных па задуме і моўным афармленні (пры пераказе казак, складанні апавяданняў з асабістага вопыту).

   Азнаямленне з гісторыяй, культурай Беларусі дазваляе паказаць адметнасць беларускай зямлі, побыт яе жыхароў мінулых стагоддзяў, растлумачыць, адкуль пайшлі беларусы, расказаць пра выхаванне імі дзяцей, што ў вялікай меры садзейнічае станаўленню беларускага маўлення дашкольнікаў, расшырае іх пазнавальны інтарэс.

   Рэалізацыю задач беларускага маўлення ажыццяўляюць таксама пры выкарыстанні беларускіх народных рухомых гульняў, на музычных занятках, у час правядзення народных свят і г.д.

Праз гульню ў тэатр дзеці таксама вучацца мове. Падрыхтоўка тэатралізаванай сцэнкі дае магчымасць выхавальніку вучыць дзяцей прыгожа, гучна вымаўляць словы на роднай мове, адчуваць рытм, музыку беларускага маўлення.

   Значнае месца ў далучэннi дзяцей да беларускай культуры, мовы мае арганiзацыя тэматычнага асяроддзя: куткі «Мая радзіма – Беларусь», кнiжныя куткi,  у якіх падабраны матэрыялы ў адпаведнасцi з узростам дзяцей.

  Важнай часткай работы з’ яўляецца ўзаемадзеянне з бацькамі, бо менавіта з адносін таты і мамы да роднай мовы ў дзіцяці фарміруюцца першыя ўражанні і першая любоў да яе, да таго месца, дзе ён нарадзіўся.

   Фарміраванне беларускага маўлення дзяцей, яго якасць у вялікай меры залежыць ад выхавальніка, які сам любіць мову і ўмее на ёй размаўляць.  

Па матэрыялах дапаможніка Старжынскай, Н.С. “Вучыся размаўляць  правільна”

 

Прыказкі і прымаўкі

Прыказка – агульнавядомае кароткае выслоўе з павучальным сэнсам.

Прымаўка –  агульнавядомы ўстойлівы выраз, звычайна вобразны. Адрозніваецца ад прыказкі тым, што не з’яўляецца скончаным суджэннем і звычайна не мае павучальнага зместу.

У творчасці беларускага народа прыказкі і прымаўкі карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Яны ярка адлюстроўваюць народную мудрасць, маральна-этнічныя ідэалы, поглад на працу, жыццё.

Словы і мова

Усяму пачатак – родная мова.

Конь вырвецца – здагоніш, а слова вырвецца — не зловіш.

Слова як птушка: выпусціў – не вернеш.

Сказанае слова за хвост не зловіш.

Што напісана пяром, не выйме і сякера. 

Словы на ўзвей ветру пускаць.

Прымаўкі ды прыказкі – роднай мовы прывязкі.

Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў.

Сям’я

Які куст, такі і парастак.

Якое карэнне, такое і насенне.

І на здаровай яблыні гнілы яблык знойдзецца.

Былі бы мы сямёра, маглі б усё ўчора. 

Праца

Любіш паганяць – любі і каня гадаваць. 

Дзе кухарак шэсць, там няма чаго есць. 

Хто дбае, той мае.

Дзе гаспадар ходзіць, там ніўка родзіць.

Пільнуй гаспадаркі – будуць у гаршку скваркі. 

Перш папрацуй, а тады й патанцуй.

Пад ляжачы камень вада не бяжыць.

Гуляй, гуляй, ды дзела не кідай. 

Веды

Без мукі няма навукі. 

Цяжка ў школе, дык лёгка ў полі. 

Век жыві – век вучыся

За багацце розуму не купіш.

Розум не купіш – у галаву не ўльеш.

Хто без навукі, той як бязрукі.

Сябры

Чалавек без сяброў, што печ без дроў.

Няма грошай — не бяда, як сяброў грамада.

Лепш сто сяброў, чым сто рублёў.

Каханне

Без сонейка свету не быць, без мілага нельга жыць.

Не прыгожая прыгожа, а каханая прыгожа.

Не тое хораша, што хораша, але тое, што каму даспадобы.

Багацце

Бог ведае, хто што робіць і хто як абедае

Не будзь ласы на чужыя каўбасы. 

Хто чужога жадае, часта сваё пакладае.

Не ганіся за чужым, не трэба будзе плаціць сваім.

Поспех

Прыйдзе, тата, і наша свята.

Будзе і на вашай вуліцы кірмаш.

Загляне сонца і ў наша ваконца.

 Час

Дарагое яечка да Вялікадня. 

Пакуль жаніцца, загаіцца.

Картатэка гульняў па развіцці маўлення

Слоўнік

Граматычны лад маўлення

Гукавая культура маўлення

Звязнае маўленне

    Дыдактычная гульня, як форма навучання дзяцей, мае два пачаткі: вучэбны (пазнавальны) і гульнявы (займальны). Выхавальнік у гульні адначасова выступае у ролі настаўніка і ўдзельніка гульні. Ён вучыць і гуляе, а дзеці ў гульні вучацца. 

Слоўныя гульні аб’яднаць у чатыры групы:

1) гульні, з дапамогаю якіх фарміруецца ўменне выдзяляць істотныя прыметы прадметаў, зяваў: “Адгадай!”, “Магазін”, “Так – не” і іншыя;

2) гульні, якія выкарыстоўваюцца для развіцця ў дзяцей умення параўноўваць, супастаўляць, рабіць правільныя высновы: “Падобны – непадобны”, “Хто больш заўважыць небыліцаў”;

3) гульні, з дапамогаю якіх развіваецца ўменне абагульняць і класіфікаваць прадметы па розных прыметах: “Каму што патрэбнае?”, “Назаві адным словам” і г.д.

4) гульні на развіццё ўвагі, кемлівасці, хуткасці мыслення, вытрымкі, пачуцця гумару: “Сапсаваны тэлефон”, “Фарбы”, “Лятае - не лятае" і г.д.

Метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні дыдактычнай гульні як сродку развіцця маўлення дзяцей  дашкольнага ўзросту:

1. Дыдактычныя гульні неабходна падбіраць улічваючы псіхолага-педагагіныя асаблівасці развіцця і ўспрымання дзяцей.

2. Работа над маўленнем павінна адпавядаць зместу і тэме заняткаў.

3. На занятку выкарыстоўваюць 2-3  гульні.

4. Неабходна выбіраць толькі такія дыдактычныя гульні, якія  зацікавяць дзіця, будуць выклікаць інтарэс.

5. Дыдактычныя гульні і заданні павінны насіць развівальны характар.

6. Дыдактычныя гульні  павінны праводзіцца сістэматычна.

7. Выкарыстанне дыдактычных гульняў павінна праводзіцца мэтанакіравана.

Беларускі дзіцячы фальклор

 Дзіцячы фальклор - фальклор створаны самімі дзецьмі, і фальклор для дзяцей - творы, складзеныя дарослымі, якія звычайна і выконваюць іх для дзяцей.

У дзіцячым фальклоры вылучаюцца наступныя жанры: прыгаворкі, дражнілкі, лічылкі, калыханкі, забаўлянкі, дзіцячыя песні, заклічкі, гульні, скорагаворкі, казкі, загадкі, прыпеўкі. Фальклорныя творы – духоўная спадчына. Узнік дзіцячы фальклор, як і ўся вусна-паэтычная творчасць, у старажытныя часы, калі чалавек навучыўся працаваць, гаварыць, свядома радавацца, клапаціцца пра выхаванне дзяцей у адпаведнасці з тагачаснымі нормамі чалавечых узаемаадносін.

Дзіцячы фальклор вельмі каштоўны матэрыял па далучэнні дашкольнікаў да беларускай нацыянальнай культуры і роднай мовы. Фальклорныя творы спрыяюць фарміраванню ў дзяцей вобразнага мыслення, уменняў арыентавацца ў разанастайнасці лексічных значэнняў знаёмых і новых слоў, спрыяюць фарміраванню словатворчасці,дапамагаюць засвоіць вымаўленне пэўных гукаў, фарміруюць граматычны лад маўлення.

Калыханкі  супакойваць дзіця мелодыкай, рытмам вершаваных строк, ціхім голасам, ласкавымі словамі; маюць займальны сюжэт, нагадвае нескладанае вершаванае апавяданне.

Забаўлянкі і пацешкі – суправаджаюць пальчыкавыя гульні, пацягванне, першыя крокі дзіцяці, супакойванне, кармленне.

Песні – гэта песні дарослых для дзяцей і песні, што выконваюць самі дзеці. У песнях гаворыцца пра навакольны свет, пра падзеі, якія адбываюцца вакол дзіцяці.

Заклічкі – кароценькія прыгаворы або песні, зварот да сіл прыроды, адухаўленне прыроды.

Дражнілкі невялікія вершаваныя творы, у якіх высмейваецца супраціўнік, яго імя, знешні выгляд, рысы характару.

Лічылкі – невялікія вершаваныя творы часцей гумарыстычнага характару, з дапамогай якіх вызначаецца чарговасцьу гульні, выбыіраюцца дзеячыя асобы або вядучыя; важнае значэнне ў лічылках выконвае рытм. кампазіцыя, невялікі закончаны сюжэт.

Гульні– многія гульні заснаваны на перайманні рухаў, дзеянняў пры пэўных гаспадарчых працах, прасочваецца сувязь з бытам, земляробствам,з навакольнай прыродай.У некаторых гульнях мы можам чуць лічылкі, забаўлянкі, інш.

Казкі – універсальны сродак народнай педагогікі, таму што яныўтрымліваюць жыццевы маральны вопыт, народную мудрасць. Казкі вабяць дзяцей цікавымі персанажамі, чараўніцтвамі, сакавітасцю роднага слова.

Загадкі  у сціслай і дакладнай форме вызнаюць характэрныя асаблівасці з’яў, жывел, птушак.

Прыказкі –лаканічнае, устойлівае народнае выслоўе павучальнага зместу, якое мае прамы і пераносны сэнс.

Прымаўкі – характарызуецца незакончанасцю думкі, не мае абагульняючага значэння і выкарыстоўваецца найчасцей у канкрэтнай моўнай сітуацыі.

 

 

Версия сайта для слабовидящих